Мэтафары вэртыкалі: да рэканструкцыі традыцыйнай антрапалёгіі
Маім прапрадзедам
Кандрату Дулецкаму з-над Мухаўца
і Язэпу Стому з-над Дзісны
ахвярую
Алесь Мiкус.
20.II - 2008 г.
РЭЗУМЭ
Артыкул асвятляе падваліны ўспрымання чалавекам вэртыкалі як дынамічнай характарыстыкі ў процілегласць да статычнай гарызанталі. З гэтай апазыцыі выводзіцца генэзыс паняцця "я" і называння чалавекам самога сябе. Вылучаюцца і аналізуюцца дзве мэтафары вэртыкалі - мэтафара дрэва і мэтафара хаты. Даводзіцца анталягічная роднасць дрэва і чалавека, а таксама прыводзяцца іх адрозненні. Абгрунтоўваецца аднанакіраванасць і неаднароднасць вэртыкальнай восі.
Падставовыя парамэтры пры мэнтальным ахапленні гэтага свету ўспрыманнем – вышыня і шырыня. Шырыня тут мусіць разумецца не ў геамэтрычным сэнсе, але ў сэнсе распасцірання, пашырэння, расцягвання – даўжыні-шырыні як інтэгральнага канцэпту. Шырыня тут спазіраецца згары – збоку яна незаўважная, затое згары адбівае такую характарыстыку, як пашыральнае ўмешчванне ў прасторы. Моўна дакладнейшым азначэннем для гэтага была б плашчыня – як роднасная цэламу моўнаму комплексу, што аб’ядноўвае значэнні пашырэння і запаўнення. Але пашырэнне як запаўненне ўжо вымагае ўлучэння пэўных новых аспэктаў, такое запаўненне ўжо мае прэтэнзію на панаванне ў асвоенай прасторы, на якую пашырылася. І вось гэтая прэтэнзія, гэтае прыкасненне да тэмы ўлады ўваходзіць у абсяг, дзе большае няпэўнасці, рызыкі, напружанасці, дрыготкасці, выкліку, праціўлення, спаборніцтва. Плашчыня набывае сваю асэнсаванасць праз ахапленне цэлага. З запоўненай, заштрыхаванай, узаемаперацякальнай плашчыні ўздымаецца абрыс, што мае надаць бясформавасці плашчыні пэўныя формы, без якіх існаванне ў свеце немагчымае. І гэты абрыс сам пакліканы вызначаць, як, да якой вышыні ўздымаць той ці іншы камяк матэрыі плашчыні, каб запоўніць сваё дыфэрэнцыяванае трохмернае цела.
Цела ў гэтым сэнсе, мусім заўважыць, ёсць унікальнай мэтафарай для хоць якога працэсу з дынамікай – цела ўлады, цела рытуалу, цела грамады, нават супольнае цела багоў. Аджа, цела – гэта найперш вышыня, і матэрыя тут хіба матэрыял. Такая вышыня вызначае структуру сродкаў і гіерархію мэтаў, сярод якіх галоўная – рэзультаванне. Вынік цела – заўсёды пераадоленне існай канфігурацыі, пераадоленне таго, на грунце чаго сабрана, і дзеля таго, дзеля чаго сабрана неад’емных частак у адзінае цела. Невыпадкова цела так часта пазначаецца праз дзеясловы пераадолення – лац. corpus , пруск. kermens (< *(s)ker- ‘краіць’), ст.-інд. tanu , праслав. tеlo (< *ten - ‘цяць’).
Плашчыня цела – папіранне мяжы, вышыня цела – перанне мяжы. Аўтэнтычна, мяжа мае вэртыкальнае вымярэнне. Мяжа ў гарызантальнай плашчыні – вытворная. Мяжа на плашчыні пазначае абсяг улады, але не легітымізуе ўлады. Улада легітымізуецца праз мяжу вэртыкальную, праз сваю найвышэйшую кропку, што ўрэшце азначае – праз напраставаную сувязь з нябёсамі. Пакліканне хоць якой уфармаванай канфігурацыі – быць вэртыкальным мостам, прычым у нераўнамернай форме, што шырокая здолу і вузкая, кропкаю, угары.
У гэткім прынцыпе, выдае на тое, угрунтаваная і намінацыя падставовага паняцця для чалавечага самаўсведамлення – паняцця для саманазывання, паняцця “я”. Гэтае паняцце пакліканае лякалізаваць у прасторы – але лякалізаваць адмысловым чынам, дынамічна. Тое саманазыванне найдаўней мела адбывацца праз ужыванне бінарнай моўнай канструкцыі выгляду *eg’h-om & *men-, дзе першы складнік апазыцыі пазначаў актыўны бок, які парадкуе, а другі – інактыўны бок, які парадкуецца. У такой пэрспэктыве адным з імаверным адменаў этымалягізацыі *eg’h-om паўстае і.-э. *g’hī- , што пазнача e дзеянне спусташэння, вымання, пакідання (1) . Гэты чын – пераход адной і той жа субстанцыі з адной сваёй якасці ў іншую. Такую субстанцыю, пазначаную праз *men-, апрача іншага, можна акрэсліць як “спэцыфічны від ‘танкога’ ўзбуджэння, пэўнага стану вібравання, што дазваляе адкрыцца і рэалізавацца асаблівым творчым здольнасцям – дарунку слова, памяці пра мінуўшчыну, прадбачанню будучыні, прарыву да сутнасці, да ноўмэнальнага і да г.п.” (Ул. Тапароў). Такім чынам, гаворка пра жыццёвую сілу, што за сваю галоўную рысу мае аб’ём, але аб’ём прынцыпова аморфны. Дарэчы будзе зважыць, што і гранічная этымалёгія самога слова жыццё можа быць знойдзеная ў тым сама абсягу (2). Гэта істотны светаглядны момант – жыццё пазначаецца не праз аморфную жыццёвую сілу, але праз чын працы з ёй, чын яе здабыцця. Урэшце, жыццё як праяўленая дадзенасць і ёсць такім няспынным чынам.
Больш за тое, на індаэўрапейскім тле апазыцыя, выяўленая ў *eg’h-om & *men- (альбо, у згорнутым выглядзе, уласна ў *eg’h-om ), можа выступаць матывацыяй на пазначэнне ўсёй істоты чалавека. Праз *men- вытлумачваюць і.-э. manu(s) ‘чалавек’ (> праслав. *možь ‘мужчына’). Але пазначаецца чалавек таксама і вытворным ад *g’hī- – маем тут на ўвазе спэцыфічна балцкую (пруска-літоўскую) назву чалавека: пруск. zmūi , ст.-літ. žmuo (< *g’hem - ‘зямля’ < *g’hī-). Унікальнасць гэтай намінацыйнай сытуацыі ў тым, што яна выдае на адбітак асаблівасцяў мэнтальнай сфэры рэгіёну, адлюстроўваючы “«мужную» творчасць на шляху ад прыроды да культуры, канструктыўнае збіранне, «мужнае» пачуццё адказнасці” (3) – нібы замацоўваючы за пэўным рэгіёнам пэўныя “актыўныя” характарыстыкі.